Міні-музей "Беларуская хатка"
Музей – месца захавання народнай спадчыны
Прыйдзе час i сённяшнія дашкольнікі будуць вызначаць будучыню роднай Беларусі. Таму мы павінны звяртаць вялiкую ўвагу на выхаванне ў новага пакалення пачуццяў патрыятызму, выхаванне асобы з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, у цэнтры якой будзе ўсведамленне ўласнай адказнасці за лёс Радзімы.
Павага да Радзімы фарміруецца паступова ў працэсе назапашвання ведаў аб грамадскім жыцці, працы людзей на карысць краіны, прыродзе, народных традыцыях. Таму ў педагагічнай працы імкнёмся раскрыць шляхі фарміравання ў дзяцей першых уяўленняў аб навакольным асяроддзі, пашырыць ўяўленні дашкольнікаў пра родны край, яго гісторыю, блізкіх і дарагіх людзей, пра іх жыццё і багаты духоўны свет, аб асаблівасцях інтэр’ера беларускай хаты, аб звычаях пражывання сялян, а таксама далучыць да святыні народа – роднай мовы.
Менавіта з мэтай адраджэння роднай мовы, культуры, абрадаў, нацыянальных традыцый, прывіцця выхаванцам цікавасці і павагі да матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, выхавання пачуцця патрыятызму і нацыянальнай годнасці у нашым дзіцячым садку быў створаны міні-музей “Беларуская хатка”.
Асноўнае назначэнне міні-музея “Беларуская хатка” накіравана на:
- пошукава-даследчую дзейнасць выхаванцаў;
- правядзенне мерапрыемстваў звязаных з нацыянальнай культурай;
- правядзенне абзорных і тэматычных экскурсій, святаў, забаў.
У фондзе нашай “Беларускай хаткі” знаходзіцца звыш 80 экспанатаў музейнага прызначэння. Асноўная маса экспанатаў – гэта натуральныя рэчы, якімі карысталіся сяляне. Яны сабраны з розных вёсах нашага селькага Савета выхавальнікамі, работнікамі дзіцячага сада і законнымі прадстаўнікамі выхаванцаў.
Міні-музей пастаянна папаўняецца новымі рэчамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ганчарнымі вырабамі, вырабамі з саломы, тканымі рэчамі.
Экспанаты этнаграфічнага музея шырока выкарыстоўваем для азнаямлення выхаванцаў са звычаямі і традыцыямі беларускага народа, на занятках, пры правядзенні свят "Масленiца", "Купалле", "Запрашаем на Калядкi", "Свята восенi" і іншыя.
Наш музей незвычайны, бо тут можна не толькі глядзець на экспанаты, але і браць іх у рукі, разглядаць, нават паспрабаваць апрануць вышываныя сарочкі і фартухі. Дзеці з задавальненнем калышуць ляльку ў зыбцы, прасуюць бялізну з дапамогай валка і качалкі, з затоеным дыханнем трымаюць у руках запаленую грамнічную свечку.
Дзякуючы міні-музею “Беларуская хатка” мы стараемся даносіць да сваіх выхаванцаў часцінку тых ведаў аб родным кpai, аб гicтоpыі беларускага народа, аб дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, абрадах i традыцыях, якія існуюць у нашай краіне з пакон вякоў.